Гуканне вясны
“Гуканне Вясны”
Задачы:
Узбагачаць мову вучняў творамі беларускага фальклёру.
Заахвочваць маўленне дзяцей на беларускай мове ў працэсе запамінання заклічак, беларускіх народных гульняў.
Выхоўваць павагу да гісторыі і культуры роднага края праз знаёмства з беларускім народным святам “Гуканне вясны”.
Выклікаць у дзяцей вясёлы настрой, спрыяць развіццю творчайа собы дзіцяці.
Ход занятка
Сёння мы з вамі сабраліся, каб пазнаць нешта новае, цікавае, разам пагуляць. З пакалення ў пакаленне, ад бацькоў да ўнукаў перадаваліся песні, гульні, казкі. На цэлы год у нашых продкаў быў каляндар, па якім чалавек ведаў, калі есці бліны з маслам, а калі каўбасы, калі распачынаць вячоркі, калі прасці кудзелю, што рабіць перад Сёмухай, а што – перад Калядамі. А ці добра вы ведаеце, што на якое свята робяць?
-Вось, напрыклад, адкажыце, на якое свята гатавалі куццю? (На каляды)
-А на якое свята пякуць бліны? (На Масленіцу)
-А на якое свята пяклі фігуркі птушачак? (На саракі)
Сёня мы з вамі пагаварым пра веснавое свята “Гуканне вясны”. Пасля доўгай і халоднай зімы людзі з нецярплівасцю чакалі вясну, імкнуліся паскорыць яе прыход рознымі спосабамі: прызыўнымі песнямі, карагодамі, гульнямі. Меркавалася, што радасна сустрэтая, ветліва прынятая народам вясна ў падзяку прынясе свае дарункі – багаты ўраджай, прыплод скаціне, поспех у гаспадарчых справах. Таму, гукалі вясну, пакуль земляробы не выходзілі ў поле падрыхтоўваць зямлю да вясенніх пасеваў.
-Як называецца гэта свята? Адкажыце мне калі ласка!
(Гучыць музыка (спеў птушак), прылятае птушачка, шчабеча)
- Што, што здарылася? Раскажы!
Птушачка: – Зіма вясну не пускае. А так хочацца каб хутчэй выглянула цёплае ласкавае сонейка. Вось у мяне пісьмо ад яе:
Зіма вам надакучыла?
Хочаце вясны?
Уступлю я месца ёй,
Калі пазмагаецеся са мной.
Вам неабходна выканаць мае заданні, адшукаць кветкі пралескі. Тады я адпушчу Вясну.
Ну што ж, трэба адпраўляцца ў дарогу каб адшукаць пралескі. (Дзеці ідуць адзін за адным пад музыку)
Вось і першая палянка, а на ёй расце пралеска, але каб яна распусцілася неабходна назваць веснавыя прыкметы.
- Вясной цёплае сонейка.
- Прылятаюць птушкі з цёплых краін.
- Дзянёчкі становяцца даўжэйшымі.
- Распускаюцца зялёныя лісточкі.
- З’яўляюцца першыя кветачкі.
- Птушкі весялей спяваюць.
- Прырода прачынаецца ад зімовага сну.
- Людзі ў поле пачынаюць працаваць.
- Снег тае, бягуць вясёлыя ручайкі.
- Малайцы! Выканалі першае заданне. Ну што ж, адпраўляемся далей.
(Дзеці ідуць адзін за адным пад музыку)
- Вось і наступная палянка. Але тут яшчэ ёсць ільдінка з загадкамі. Калі адгадаеце загадкі, ільдзінка растае:
З выраю першы вяртаецца.
З песняй да свету звяртаецца.
Поля і неба сябрук,
Гэта, вядома … (Жаўрук).
Ледзь вясна яшчэ наступае-
Ён канцэрты пачынае.
Гучна льецца песня-свіст…
Як завецца той артыст? (Шпак).
Даўганосы, даўганогі
Прыляцеў з далёкай дарогі. (Бусел).
З кветкамі заўжды прыходзіць-
Радасць, песні нам прыносіць.
Па лугах ідзе, лясамі…
Хто яна? Пазнайце самі? (Вясна).
Яно па небе плавае,
Іскрыстае, рухавае.
Жыццё дае палеткам,
І збажыне, і кветкам. (Сонца).
Будзіць жаўранак ад сну
Поле, пералескі.
Сустракаць бягуць вясну
Сінія … (Пралескі).
- Малайцы! Выканалі другое заданне. Ну што ж, адпраўляемся далей.
(Дзеці ідуць адзін за адным пад музыку)
- Вось і наступная палянка. А на ёй сняжынка. Трэба растапіць яе з дапамогай прыказак і прымавак.
-Ранняя вясна—многа вады.
-У красавіку дождж прыходзіць, сонца грэе.
-Вясной грак прыляцеў—праз месяц снег сыдзе.
-Красавік з вадою, май з травою.
-Ластаўка прыляцела—сонца зямлю прыгрэла.
-Была б красавіцкая вадзіца—а зялёная траўка нарадзіцца.
(Дзеці адказваюць і пераварочваюць пялёсткі—атрымліваецца пралеска).
(Дзеці чытаюць вершы)
На сонечным узлеску
Апошні снег растаў.
Вясёлыя пралескі
Зірнулі з-пад куста.
Празрыста ззяюць вочы,
Нібы блакіт нябёс.
Халоднай весняй ноччу
Іх не кране мароз.
Пралескі на пагорку
Пад леташняй травой
Зіхочуць быццам зоркі
Агністай сінявой.
- Малайцы! Мы знайшлі тры пралесачкі, выканалі ўсе заданні зімы. Ты ляці, птушачка, раскажы зіме, што мы ўсе заданні выканалі, няхай яна ўступае Вясне дарогу.
Птушачка: - Вялікае дзякуй вам, дзеткі, за дапамогу. Я абвяшчу ўвесь лес аб надыходзе вясны. Дапабачэння!
—А каб Вясна хутчэй да нас прыйшла, мы з вамі падзьмём на хмарку: выгляне цёплае сонейка і нас ўсіх абагрэе.
(Дзмуць на хмарку).
Дз.:—Сонейка напрыпячак скацілася,
І зямліца ўсміхнулася.
--Вазьмі, сонейка, у Бога дазволу
І спусцісь да долу.
Усе: Мы табе спяваем, мы цябе ўсхваляем,
Прыходзь, вясна, мы цябе чакаем!
-Хутчэй, народ, станавіся ў карагод!
З зімой развітаемся, з вясной прывітаемся.
Карагод.
Прыйдзі, прыйдзі, вясна, гу!
Прыйдзі, прыйдзі, красна, гу!
Прынясі нам красак
Кветачкі пакрасіць, гу!
Будзем вяночкі звіваць,
Табе песні спяваць, гу!
(Заходзіць Вясна, вітаецца.)
Дз.:--Гэй, вясна, ды гэй, красна!
Што ты нам прынясла?
Вясна:-Я прынясла лета ціхае, кветачкі прыгожыя,
Цёплую вадзіцу і з зямліцы травіцу.
А яшчэ гульню для вас, але вы павінны назваць птушак, якія прылятаюць вясной, якія прыносяць першую вестку аб надыходзе вясны. (Гракі, шпакі, гусі, жаўрукі, ластаўкі, жураўлі).
Бел. нар. гульня “Журавель”.
Сякі-такі Журавель,
Не еш маіх канапель.
Бо я табе, Жураўлю,
Задам дыхту, як злаўлю!
(Дзеці трымаюць у руках вяроўку(“сілкі”), ходзяць па кругу і спяваюць. Журавель лётае пад вяроўкай. На апошніх словах дзеці апускаюць “сілкі”).
Вясна: -За тое, што вы такія разумныя і спрытныя, я вам прынесла першыя пралескі. –
Давайце падзякуем Вясне.
Дзец:па чарзе: -Дзякуй, вясна, дзякуй, красна!
За ясныя дзянёчкі, частыя дажджочкі,
Зялёныя травы, кветачкі, лісточкі нам на вяночкі.
Вясна наша вясёлая, гу!
Развесяліла ўсю зямлю, гу!
Вясна: -Мне ўжо пара з вамі развітвацца.
Не ведайце стомы
На працы і дома.
Нясіце бадзёры настрой!
Каб дзеці смяяліся,
Каб ўсе мы ядналіся,
На радасць, на шчасце,
Дабро і любоў!
Да пабачэння!
- Падыдзіце да мяне. Адкажыце:
-Пра што вы даведаліся сёння?
-Каму мы дапамаглі?
-Які ў вас застаўся настрой?
А давайце, каб у нашых гасцей застаўся добры настрой, мы падарым ім пралесачкі. І развітаемся: да пабачэння!