Вядома, што Віцебшчына - гэта маляўнічыя азёры, радзіма знакамітых пісьменнікаў, паэтаў, працавітых людзей, а таксама партызанскі край. У імя шчасця і працвітання нашай Радзімы змагаўся на Віцебшчыне і працаваў на Гродзеншчыне Аляксандр Антонавіч Панушкін. Чалавек і Настаўнік з вялікай літары.
Ляжаць у скрыначках узнагароды за ўдзел у вайне і за працу. Сваё жыццё ён прысвяціў служэнню людзям.
Кароткія біяграфічныя звесткі пра ветэрана
Панушкін Аляксандр Антонавіч нарадзіўся 19 лютага 1924 года ў вёсцы Уздорнікі Сенненскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Сям’я была шматдзетнай. Сярод дзяцей Аляксандр быў старэйшым. Перад самай вайной у сям’і не стала маці.
Вёска Уздорнікі знаходзіцца побач з чыгункай “Орша–Лепель”. Каля яе праходзіць так званы “Кацярынінскі” тракт – шасэйная дарога Масква–Варшава.
Скочыўшы школу ў 1937 г., юнак паступае ў Лепельскае педагагічнае вучылішча на аддзяленне пачатковых класаў, якое закончыў у 1941 г. перад вайной.
З 10 сакавіка 1943 г. па 20 чэрвеня 1944 г. Аляксандр Антонавіч з’яўляўся радавым партызанскага атрада імя Б.Хмяльніцкага.
За мужнасць, стойкасць і смеласць у гады Вялікай Айчыннай вайны быў узнагароджанны медалем “За адвагу” і ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені і шматлікімі юбілейнымі медалямі.
Яго добрасумленная праца адзначана медалем “Ветэран працы”, Ганаровай граматай Міністэрства Асветы БССР, а таксама шматлікімі граматамі.
У гады ваеннага ліхалецця.Успаміны ветэрана.
Цяжкім выпрабаваннем у жыцці беларускага народа стала Вялікая Айчынная вайна. Ужо ў ліпені 1941 г. тэрыторыя Сенненскага раёна была акупіравана захопнікамі. Моладзь вёскі гарэла жаданнем змагацца з акупантамі. Разам з сябрамі я збіраў зброю, боепрыпасы, вучыўся валодаць ёй.
Многія патрыёты ў тыле ворага сталі ствараць партызанскія атрады. Ядро такіх атрадаў складалі байцы і камандзіры Чырвонай Арміі, якія не здолелі выйсці з акружэння або вырваліся з палону і знаходзілі надзейных людзей сярод мясцовага насельніцтва.
З кожным днём партызанскі рух на Віцебшчыне мацнеў і пашыраўся. Насельніцтва в. Уздорнікі уваходзіла ў Сенненскую партызанскую брыгаду. Яна дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Сенненскага, Чашніцкага і Лепельскага раёнаў. Брыгада была створана ў кастрычніку 1942 года ў выніку падзелу партызанскай брыгады М.П.Гудкова. Камандаваў ёй вопытны камандзір Васіль Сяргеевіч Лявонаў – кадравы ваенны, удзельнік савецка-фінляндскай вайны 1939-1940 гг., камісар палка. За мужнасць і гераізм быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Партызаніў В.С.Лявонаў з ліпеня 1941 г., спачатку камандзірам атрада, затым партызанскай брыгады.
Сенненска-Аршанская партызанская зона склалася да жніўня 1942. Зона выконвала важную ролю. Яна стала ваенна-палітычным плацдармам барацьбы з нямецка-фашысцкімі акупантамі на чыгуначных магістралях Барысаў – Орша – Смаленск, Віцебск – Орша. Не меншае значэнне мела функцыя аховы мясцовага насельніцтва ад карнікаў. Каб выконваць складаныя задачы, патрэбны вялікія сілы. На тэрыторыі зоны, вялі барацьбу з акупантамі 13 партызанскіх брыгад, каля 12 тыс. партызан. Тут дзейнічалі партызанскія брыгады імя А. Ф. Данукалава, Багушэўская, 1-я імя К. С. Заслонава, «Граза», М. П. Гудкова, Сенненская , а таксама спецгрупы, якія былі закінуты з Вялікай зямлі для барацьбы з ворагам на чыгуначных магістралях.[ Дыверсійна-падрыўныя групы фарміраваліся пераважна з маладых, фізічна загартаваных, спецыяльна навучаных, смелых людзей. Яны павінны былі добра валодаць рознай зброяй, умець хадзіць па азімуту ў начных умовах. Іменна , прафесійныя дыверсійна – падрыўныя групы выконвалі заданні “ рэйкавай вайны”.
Ужо ў 1942 г. партызанскія фарміраванні, падтрыманыя мясцовымі жыхарамі, сарвалі эканамічныя планы захопнікаў.
У Бягомлі, Ушачах і іншых населеных пунктах дзейнічалі органы Савецкай улады. Іх функцыі выконвалі партызанскія атрады ці камендатуры. Яны падтрымлівалі парадак у вызваленых населеных пунктах. Тут працавалі калгасы, шпіталі, школы і неабходныя прамысловыя прадпрыемствы, дзейнічалі некалькі партызанскіх аэрадромаў. Самалётамі і планерамі дастаўлялі інструктараў, радыстаў, грузы боепрыпасаў, медыкаменты, газеты. У тыл з партызанскіх зон эвакуіравалі цяжкапараненых і хворых партызан, дзяцей, дакументы аб дзеяннях партызан, наградныя матэрыялы. Бачыў, як зімой самалёты прызямляліся на лёд Лукомльскага возера.
Вёска Уздорнікі была партызанскай. 150 дамоў і сем’яў былі звязаны з партызанамі, якія абаранялі жыхароў вёскі ад фашысцкіх карнікаў, пастаянна вялі баі з буйнымі карнымі экспедыцыямі і мабільнымі атрадамі ворага. У вёсцы ўвесь час дыслацыраваліся партызанскія атрады.
Як вядома, гітлераўцы неаднаразова спрабавалі ліквідаваць партызанскія зоны. Яны знімалі з фронту ваенныя сілы і тэхніку. Супраць партызан выкарыстоўвалі танкі, гарматы, самалеты, пераапраналі іншы раз карнікаў у форму савецкіх салдат, аднак партызаны ў цяжкіх баях адваёўвалі сваю зямлю. Гітлераўцам прыходзілася адводзіць свае войскі з раена карных аперацый. Ад няўдач карнікі лютавалі, знішчалі і рабавалі насельніцтва, палілі вескі. Так планавалася пазбавіць партызан ад падтрымкі мясцовага насельніцтва. Як вядома іх дапамога была вялікай. Для партызан насельніцтва шыла бялізну, паўшубкі, маск- халаты, рабілі валенкі і іншы абутак, ткалі тканіны, вязалі шкарпэткі, рукавіцы. Падпольшчыкі забяспечвалі партызан неабходнымі медыкаментамі, інструментам, перавязачнымі сродкамі. Аднак такая падтрымка дорага каштавала мясцоваму насельніцтву. Карныя аперацыі, расстрэлы жанчын і дзяцей былі ў тыя часы звычайнай з’явай.
Я рваўся ў партызаны, але вымушаны быў як старэйшы сын дапамагаць бацьку па гаспадарцы, каб пракарміць сям’ю. Разам з тым, аказваў дапамогу партызанам, праводзіў іх да гарнізонаў, чыгунак ці мастоў.
10 сакавіка 1943 года запомніўся мне на ўсё жыццё. У гэты дзень вялікі атрад карнікаў уварваўся ў веску. Той, хто здолеў уцячы, стаў партызанам. Мне камандзір брыгады даручыў сур’ёзную зброю – кулямёт.
Адной з буйнейшых аперацый, у якой я ўдзельнічаў , быў Лепельскі бой 19-21 кастрычніка 1943 г. Лепельская аперацыя праводзілася па загаду начальніка ЦШПР П.К.Панамарэнкі з мэтай дэзарганізацыі кіравання і абароны праціўніка, каб адцягнуць частку яго сіл з Віцебскага ўчастка Калінінскага фронту. Удзельнічала ў аперацыі больш за 20 партызанскіх палкоў Віцебскай і Мінскай абласцей . Партызаны адначасовымі ўдарамі павінны былі нанесці ўдар па гарнізонах Лепеля, Чашнікаў, Каменя і Бачэйкава. Камандаванне партызанскіх атрадаў разумела цяжкасць сітуацыі. У г. Лепелі – апорнай базе тыла 3-й танкавай арміі былі сканцэнтраваны буйныя сілы ворага. Горад акружала густая сетка дзотаў, драцяных загарод, мінныя палі.
Партызаны двойчы штурмавалі горад, аднак былі адбіты праціўнікам. Партызанам не хапала боепрыпасаў. З-за лініі фронта партызаны атрымлівалі пераважна дынаміт. Зброяй павінны былі забяспечваць сябе самі. Такой была лінія Стаўкі Вярхоўнага Камандавання па пытанню забеспячэння партызан зброяй. Аднак яны выканалі баявую задачу: паралізавалі на некаторы час камунікацыі ворага і папярэдзілі раптоўным ударам чарговую буйную карную аперацыю супраць мірных жыхароў і партызан. У ходзе Лепельскай аперацыі былі поўнасцю разгромлены 9 фашысцкіх гарнізонаў, забіта і паранена больш за 600 гітлераўцаў, падбіта 5 танкаў, спалены склады са зброяй, захоплена шмат зброі. З фронту, для абароны, фашысты вымушаны былі зняць дадатковыя сілы.
За мужнасць і стойкасць у баях за Лепель камандаванне Сенненскай брыгады прыняло рашэнне ўзнагародзіць многіх партызан. Сярод іх быў і я . Так на грудзях з’явілася першая мая ўзнагарода – медаль “За адвагу”.
У канцы 1943г. савецка-германскі фронт наблізіўся да мяжы Ушацкай партызанскай зоны. Фашысты разумелі небяспеку партызан ў сваім тыле. Таму ў красавіку-маі 1944 г. яны правялі чарговую акцыю па знішчэнню партызанскай зоны пад кодавай назвай “Веснавое свята” і “Лівень”. Аперацыя была разлічана на 8—10 дзён. Супраць партызан было выстаўлена 60 тысяч карнікаў, 137 танкаў, 235 гармат, 70 самалётаў. Карнікам процістаяла 16 партызанскіх брыгад у складзе 17 185 чалавек. Агульная працягласць лініі партызанскай абароны складала 230 кіламетраў.
Карная экспедыцыя пад кодавай назвай “Свята вясны” пачалася 11 красавіка . Варожая артылерыя і бамбардзіроўшчыкі нанослі ўдары па партызанах, потым у наступленне пайшла пяхота. Кола акружэння звужалася. Партызанскае камандаванне прасіла дапамогі ад Вялікай Зямлі. Савецкая авіяцыя наносіла бомбавыя ўдары па пазіцыях ворага. У гэты час ішла падрыхтоўка да аперацыі па вызваленню Беларусі, канцэнтраваліся сілы да аперацыі “ Баграціен” . На асобных участках савецка – германскага фронту Чырвоная Армія правяла наступленне, каб адцягнуць сілы ворага. 25 дзён партызаны вялі цяжкія абарончыя баі.
Ноччу партызаны мініравалі дарогу, каб спыніць карнікаў у цяжкіх баях. Праз некалькі кіламетраў дарога зноў мініравалася і зноў цяжкія баі. Кожны ведаў, што каб выратаваць жыцці іншых, сваіх родных і блізкіх, трэба рызыкаваць сваім жыццем, ісці грудзьмі на кулі ворага. Было прынята рашэнне прарывацца з акружэння ноччу 5 мая 1944 года. У цяжкіх баях з карнікамі партызаны панеслі вялікія страты, многія партызанскія атрады перасталі існаваць. У баях супраць карнікаў загінулі Героі Савецкага Саюза камандзіры партызанскіх атрадаў А.Ф.Дункалаў, П.М.Раманаў. Аднак асноўныя партызанскія сілы вырваліся з акружэння. Разам з імі выйшлі каля 15 тысяч мірных жыхароў. Яны накіраваліся ў балоты Паліка і Шо. Немцы прачэсвалі балоты спецыяльнымі групамі. Цэлы месяц прыйшлося хавацца ў цяжкадаступных месцах. Усё жыццё мне помніўся невыносны холад і голад гэтых дзён.
Вельмі падабалася партызанам знішчаць атрады гітлераўцаў, якія накіроўваліся ў вёскі за яйкамі, курамі, каровамі. Групы фашыстаў з 30 чалавек лёгка высочвалі і да апошняга знішчалі партызаны. У Багушэўску на чыгуначнай станцыі фашысты хавалі спецыяльны паравоз, які ламаў шпалы і рэйкі. Адчуваючы сваю пагібель, фашысты, адступаючы з Беларусі, імкнуліся знішчыць усё, што можна. Падрыўная група партызанскага атрада задачу па ліквідацыі гэтага паравоза выканала.
24 чэрвеня 1944 года ў выніку наступлення Савецкай Арміі падчас аперацыі “Баграціён” родная вёска Уздорнікі была вызвалена. Мы убачылі папялішча замест дамоў і гаспадарчых пабудоў. Жыць прыйшлося ў зямлянцы.
Родныя не ведалі нічога, што з іх дачкой і сястрой Таняй. Яе фашысты вывезлі ў Германію. У партызанскім атрадзе з ворагам змагаліся таксама бацька і малодшы брат Кансатанцін. За гады Вялікай Айчыннай вайны Віцебшчына страціла кожнага другога жыхара, там жа загінуў кожны 3-ці партызан.
Пасля вызвалення Беларусі была патрэба ў партызанах. У лясах Беларусі хаваліся рэшткі фашысцкіх армій, якія трапілі ў акружэнне. Хутка скончыўся кароткі адпачынак. Аднак служыць у дзеючай арміі мне не давялося па стану здароўя.
З 15 жніўня 1946 года па 17 мая 1990 года я працаваў настаўнікам Тракельскай школы.